Фестываль прайшоў 19–20 траўня сярод падлеткаў з 32 школ з усёй Беларусі, дзе ўжо працуе служба медыяцыі ці плануецца запускацца.
Медыяцыя - гэта тэхналогія ўрэгулявання спрэчак, перамовы з удзелам нейтральнага ўдзельніка - спецыяліста, які працуе на стыку права і псіхалогіі.
Цяпер у краіне "Школьныя службы медыяцыі" створаны больш як у 200 установах адукацыі. У такіх службах школьнікі-валанцёры, якія прайшлі спецыяльнае навучанне, настаўнікі, псіхолагі і прафесійныя медыятары дапамагаюць вырашаць канфлікты і спрэчкі дзяцей і падлеткаў мірным шляхам..
Гэта вельмі важна: каб падлеткі размаўлялі з падлеткамі. Калі ў дзіцяці ўзнік канфлікт з аднакласнікам ці настаўнікам, калі яго/яе абражаюць, калі ёсць праблемы з бацькамі, заўсёды можна звярнуцца да куратара школьнай службы, каб урэгуляваць спрэчку або канфлікт.
Пляцоўкай для абмену вопытам па рабоце школьных службаў медыяцыі стаў традыцыйны штогадовы Фестываль школьнікаў і студэнтаў "Медыяцыя будучыні", дзе сабраліся каля 130 хлопчыкаў і дзяўчынак.
У рамках фестывалю падлеткі паслухалі лекцыі ад экспертаў, паўдзельнічалі ў творчых майстэрнях, трэнінгах, падзяліліся сваім досведам на дыялогавых пляцоўках.
У 2018 годзе Цэнтр "Медыяцыя і права" разам з партнёрамі правёў першы фестываль школьнай медыяцыі. За ўвесь час правядзення фестывалю ў ім удзельнічала каля 1500 дзяцей, якія сталі лідарамі ў сваіх школах і прасоўвалі каштоўнасці ўзаемнай павагі адно да аднаго. У гэтым годзе галоўнай тэмай фестывалю стала «Канфлікты ў сетцы і магчымасці медыяцыі ў іх вырашэнні».
Каментары (0)